miadzviedz: (Default)

Успамінаючы ваенныя гады, нельга абысці маўчаннем дзейнасць у Заходняй Беларусі польскай Арміі Краёвай. Увогуле, у нашай мясцовасці яе прысутнасць не адчувалася, таму што тут жылі беларусы праваслаўнага веравызнання, якія ў большасці падтрымлівалі савецкую партызанку. Аднак шмат хто з іх рознымі шляхамі трапляў у залежнасць ад немцаў: хтосьці з родных служыў у паліцыі або ў адміністрацыйных установах. У такім выпадку іх блізкія аказваліся перад нялёгкім выбарам: да каго падацца. Звязвацца з савецкімі партызанамі ім было небяспечна – не павераць. Таму многія пераязджалі ў гарады, пад крыло немцаў.

Што датычыць Арміі Краёвай, то яна гняздзілася ў мясцовасцях, дзе было шматлікім або нават пераважала каталіцкае насельніцтва. Тым не менш акаўцы нярэдка прымушалі і беларусаў супрацоўнічаць з імі, нават уключацца ў іх аддзелы. З тым жа, хто не згаджаўся, жорстка распраўляліся. Гэтак жа дзейнічалі і ў адносінах да людзей, якія падтрымлівалі савецкіх партызан.

Такім чынам, беларусы аказаліся ў трох розных лагерах, не супрацоўнічалі, а фактычна ваявалі паміж сабой. Такое трагічнае становішча заўсёды складваецца там, дзе народ не мае ўласнай дзяржаўнасці і таму не здольны абараніць сябе ад агрэсіўных суседзяў. Сыны гэтага народа вымушаны змагацца і гінуць за чужыя інтарэсы.

Большасць, як ужо адзначалася, была на баку Саветаў, але зноў жа – не па добрай волі, а вымушана. Бо немцы не толькі рабуюць, але вёскі паляць і насельнітва знішчаюць за падтымку савецкіх партызан. Апошнія, дарэчы, часцяком, каб выклікаць нянавісць да немцаў, спецыяльна наладжвалі засады каля населеных пунктаў і тым правакавалі фашыстаў на расправу з мірнымі жыхарамі.

Армія Краёва таксама выступала як каланіяльная сіла, намагаючыся не толькі зафіксаваць сваю прысутнасць на дадзенай тэрыторыі, але і адстойваць свае даваенныя межы. Яна пры тым не жадала прызнаваць, што межы гэтыя былі ўстаноўлены ў выніку Рыжскай дамовы з Расеяй, без згоды на тое беларускага ўраду і беларускага народа.

Як бачым, ніхто з трох удзельнікаў вайны не лічыўся з чацвёртымі бокам – беларусамі, якія спрадвеку жылі на гэтай зямлі, і дзе цяпер ішло зацятае змаганне за панаванне над нашай няшчаснай краінай. У гэтай бойцы трох каланізатараў-захопнікаў найбольшыя страты зноў жа неслі беларусы, бо вайна вялася на іх тэрыторыі ды з імі ніхто з названых драпежнікаў не лічыўся. Мясцовых насельнікаў рабавалі, імкнуліся перацягнуць на свой бок. А калі яны не ішлі, жорстка распраўляліся. Нават за пару слоў, сказаных супраць, маглі пазбавіць чалавека жыцця. Такое, прынамсі, ледзь не здарылася з маім цесцем – лідзянінам Уладзімірам Дрэвіцам. Ён, па праўдзе, і не хаваў свайго негатыўнага стаўлення да тых людзей, якія ў міжваенны час або раней прынялі каталіцкую веру і пачалі лічыць сябе палякамі. Польская дзяржава ўсяляк заахвочвала гэтае рэнегацтва, давала неафітам розныя льготы, і, пэўна, таму многія з іх з пагардай адносіліся да іншых жыхароў.

Гэта з успамінаў Фёдара Кардаша (1932 г.н.), ураджэнца в. Харашкі, Дзятлаўскага р-на, Гродзенскай вобл.

Дадам яшчэ, што мой дзед і бацька таксама Кардашы і таксама ж з гэтай самай вёскі  (ня ведаю наконт ступені радства з узгаданым чалавекам, трэба будзе бацьку папытаць). Ва успамінах сярод іншых сустракаюцца прозвішчы Якаўчык і Салаш - сярод маіх родзічаў шмат асоб з такімі прозвішчамі. 

Profile

miadzviedz: (Default)
miadzviedz

September 2016

S M T W T F S
    123
4567 8910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Sep. 26th, 2017 02:40 pm
Powered by Dreamwidth Studios